2023 г. — 50 гадоў з часу заснавання народнага ансамбля танца «Рэха» Столінскага гарадскога Дома культуры (1973)
Пры Столінскім раённым Доме культуры ў 1973 г. быў створаны ансамбль танца. Яго арганізатарам і першым мастацкім кіраўніком быў Мікалай Міхайлавіч Бараўкоў (з 1999 г. – Дубінін), ураджэнец Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці, выпускнік Магілёўскага культасветвучылішча (1972).
27 лістапада 2023 г. – 60 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Васільевіча Пашкевіча (1963), мастака
Аляксандр Васільевіч Пашкевіч нарадзіўся 27 лістапада 1963 г. у п. Першамайскі Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. З дзяцінства праявіў здольнасці ў выяўленчым мастацтве. Закончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя І. В. Ахрэмчыка (1982), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1989). Вучыўся ў народнага мастака Беларусі Г. Х. Вашчанкі.
Аляксандр Пашкевіч удзельнічае ў мастацкіх выстаўках з 1987 г. Працуе ў вобласці манументальна-дэкаратыўнага (вітражы, фрэскі, мазаікі) і станковага жывапісу. У 1991 г. быў прыняты ў Саюз мастакоў БССР (Беларускі саюз мастакоў). Працаваў на брэсцкім мастацкiм камбінаце «Мастацтва». З 1994 г. узначальвае «Творчую майстэрню А. Пашкевіча».
27 чэрвеня 2023 г. — 65 гадоў з дня нараджэння Івана Мікалаевіча Антановіча (1958), гаспадарчага дзеяча, Ганаровага грамадзяніна Столінскага раёна
Іван Мікалаевіч Антановіч нарадзіўся 27 чэрвеня 1958 г. у в. Лобча Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Закончыў Ляхавіцкі саўгас-тэхнікум, Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1985). Служыў у Савецкай арміі.
Працаваў намеснікам начальніка вытворчага ўчастка па раслінаводству калгаса імя М. В. Фрунзе Лунінецкага раёна, старшым спецыялістам па кормавытворчасці. З 1985 г. на Століншчыне — галоўны эканаміст, сакратар парткама, з 1990 г. — намеснік старшыні, інжынер-будаўнік калгаса «За Радзіму» Столінскага раёна, загадчык аддзела эканомікі, рыначных адносін і прыватызацыі Столінскага райвыканкама.
13 чэрвеня 2023 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Аляксея Васільевіча Мікуліча (1953), гаспадарчага дзеяча, вучонага-эканаміста, Ганаровага грамадзяніна Столінскага раёна
Аляксей Васільевіч Мікуліч нарадзіўся 13 чэрвеня 1953 г. у в. Аздамічы Столінскага раёна Пінскай (цяпер Брэсцкай) вобласці. Закончыў восем клсаў Аздаміцкай сярэдняй школы (1968), Рэчыцкі зааветэрынарны тэхнікум (1972). Працаваў выконваючым абавязкі загадчыка Балатнянскага ветэрынарнага ўчастка Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці (1972–1973).
Пасля службы ў Савецкай арміі (1973–1975) Аляксей Мікуліч пачаў працоўную дзейнасць на Століншчыне. У 1976–1980 гг. – галоўны ветэрынарны ўрач калгаса «Дружба». З 1986 г. —дырэктар саўгаса «Манькавічы», з 2000 г. – дырэктар КУВП «Манькавічы».
15 ліпеня 2023 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Васіля Мікалаевіча Марэйкі (1948), журналіста, паэта
Васіль Мікалаевіч Марэйка нарадзіўся 15 ліпеня 1948 г. у г. Давыд-Гарадку Пінскай (цяпер Брэсцкай) вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 2 адпрацаваў год у давыд-гарадоцкай «Райсельгастэхніцы», затым паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна.
1 сакавіка 2023 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Юрыя Пятровіча Сергіенкі (1938–2021), мастака
Юрый Пятровіч Сергіенка нарадзіўся 1 сакавіка 1938 г. у в. Новы Радзін Камарынскага раёна Гомельскай вобласці. У 1947 г. бацькi пераехалi на сталае жыхарства ў г. Столін Пінскай (цяпер Брэсцкай) вобласці. З дзяцiнства Юрый захапляўся маляваннем. Займаўся ў студыі выяўленчага мастацтва ў выдатнага педагога Юстафа Высоцкага. Ужо ў адзінаццацігадовым узросце прайшла яго першая персанальная выстава ў Мінску.
2023 г. — 400 гадоў з часу заснавання касцёла Божага Цела ў г. Давыд-Гарадку (Столінскі р-н; 1623)
Пачынаючы з Крэўскай уніі (1385) на беларускіх землях пачалі шырока будавацца касцёлы. У новых палітычных умовах працягвалася паланізацыя і акаталічванне беларускага народа. Спачатку націску падвергліся феадалы, якія пераходзілі з праваслаўя ў каталіцтва, баючыся страціць свае высокія пасады.
26 жніўня 2023 г. – 140 гадоў з дня нараджэння Майсея Цярэнцьевіча Лазнухі (1883–1919), удзельніка рэвалюцыйнага руху і ўсталявання савецкай улады
Майсей Цярэнцьевіч Лазнуха нарадзіўся 26 жніўня 1883 г. у в. Беражное Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1904 г. быў прызваны на ваенную службу. Служыў матросам на Балтыйскім флоце. Захапіўся ідэямі класавай барацьбы, уступіў у партыю бальшавікоў.
2023 г. – 110 гадоў з часу пабудовы Свята-Казанскай царквы ў г. Давыд-Гарадку (Столінскі р-н; 1913), помніка архітэктуры рэтраспектаўна-рускага стылю
У г. Давыд-Гарадку Мазырскага павета Мінскай губерні (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці) на старой базарнай плошчы, на якой ў далёкім мінулым былі праваслаўныя могілкі, у 1906 г. была ўзведзена капліца ў гонар Аляксандра Неўскага. У гэты час у Давыд-Гарадку дзейнічалі Свята-Георгіеўская (1724) і Свята-Васкрасенская (1842) цэрквы. На 1907 г. у горадзе 13 217 жыхароў.
2023 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Цярэнція Максімавіча Юрчука (1903–1949), старшыні калгаса, ахвяры бандытызму
У ліпені 1944 г. на Беларускае Палессе прыйшло доўгачаканае вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аднак мірнае жыццё ўсталёўвалася з вялікімі цяжкасцямі. Па-ранейшаму не сціхалі стрэлы, гарэлі хаты мясцовых жыхароў, гінулі актывісты, партыйныя, савецкія і гаспадарчыя работнікі. У лясах хаваліся рознага роду антысавецкія фарміраванні і проста бандыты. Сярод іх сустракаліся былыя фашысцкія памагатыя, а таксама пакрыўджаныя сталінскімі рэпрэсіямі і прымусовай калектывізацыяй.